Вы праглядаеце журнал [info]adam_hlobus

Адам Глобус [entries|archive|friends|userinfo]
Адам Глобус

[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

вучэльня [Тра. 17, 2012|02:52 pm]
[Tags|]

2012. Кожух і натуршчыкі

У метро краем вока бачыў мастака Уладзіміра Кожуха. Сівая барада, высокі лоб, правільны нос, светлыя вочы... І ўся гэта веліч, уся леанардаўская манументальнасць правільна пасаджана на шырока разгорнутыя плечы. Партрэт! Бяры і малюй, і не памылішся. З узростам усе мастакі робяцца падобнымі на... Не на карціны вялікіх майстроў, і не на малюнкі геніяў. Робяцца падобнымі да натуршчыкаў з мастацкай вучэльні і мастацкай акадэміі.
СпасылкаПракамэнтаваць

школа [Тра. 17, 2012|10:55 am]
[Tags|]

2012-1966. Двары і воклічы

Цёплымі вечарамі нашы мамы высоўваліся з вокнаў, і на ўвесь двор гучалі воклічы. “Сііі-ма, еээ-сці!” “Юуу-ра, кууу-шаць!” “Вооо-ва, дааа-моооў!” Даводзілася спыняць гульню ў гарады ці класы і цягнуцца дадому. Неакаторыя з нас спрабавалі выпрасіць яшчэ пару хвілінак, каб гулню не проста спыніць а скончыць. Часам, мамы нам дазвалялі пагуляць “пяць хвілін, не больш”. Мінскія вечаровыя двары былі напоўнены гэткімі “кушаць”, “дамоў”, “есці” і “пяць хвілін, не больш”. Цяпер воклічы пахаваліся ў сотавыя тэлефоны, гарадскія двары напоўніліся гыркатаннямі матораў і пагублялі гучныя матчыны галасы.
Спасылка2 камэнтара|Пракамэнтаваць

Уладзімір Караткевіч 7 лістапада 1977 году [Тра. 17, 2012|09:41 am]
[Tags|, , , ]

1977. Караткевіч і чартаніяна

Караткевіч любіў вадзянікоў, лесавікоў, дамавікоў і чарцей. Нехта з нас любіць жаб, хтосці паважае гномаў ды ваўкалакаў з пярэваратнямі, камусці даспадобы сланы, а пісьменнік Уладзімір Караткевіч захапляўся тутэйшымі і суседскімі чарцямі. У яго на кніжных паліцах вышнуравалася цэлае войска з літоўскіх і беларускіх, чэшскіх і польскіх сувенірных чорцікаў. Бачыў Караткевіч і чарцей праўдзівых, тых што з’яўляюцца да запойных п’янтосаў. Можна сказаць, што наш дзядзька Валодзя быў вялікім спецыялістам па чарцяках і чартаўшчыне. Таму з пад ягона пяра і з’яўляліся розныя казкі пра чорцікаў накшталт хрэстаматыйнай “Чортаў скарб”. Кнігу з гэтым “скарбам” ён і падарыў майму малодшаму брату з такім надпісам: “Міламу Міраку Адамчыку ў падзяку за яго цудоўнага чорта з сасновай кары – вось гэтага дару папяровага чорта. Чорт-дзядзька Ўладзімір Караткевіч 7 лістапада 77 г.”. Сапраўды ж, нешта ў было Караткевічу ад чорта, ад сапраўднага беларускага чорта.


Спасылка4 камэнтара|Пракамэнтаваць

Уладзімір Караткевіч [Тра. 16, 2012|10:28 pm]
[Tags|, , ]

"Казкі" -- выбітная кніга Ўладзіміра Караткевіча. Адна з найлепшых.
Яе складаюць: "Чортаў скарб" і "Верабей, сава і птушыны суд".

Спасылка4 камэнтара|Пракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Тра. 16, 2012|06:35 pm]
[Tags|]

2012. Бархаткоў і Марыкс

Патэлефанаваў мне жывапісец Ігар Бархаткоў і спытаў: “Праўда, што ты напісаў нейкае паўсакрэтнае эсэ пра ўзаемаадносіны мастака з гаўном?” Я паспрабаваў пераканаць Бархаткова ў адваротным. Не люблю я развагі і жарты пра лайно, гной ды гаўно. Сапраўды, не люблю, бо млосна. Бархаткоў настойвае, згадвае як я пісаў пра Славу Лямачку, які на лясной паляне на працягу месяца высіраў словы СЛАВА КПСС, праўда цярплівасці і лайна хапіла толькі на вялікае СЛАВА. Давялося пагадзіцца, бо пісаў, але таемнага эсэ не маю. Каб перамяніць духмяную тэму на што іншае, я згадаў тэатральнага мастака Марыкса. А Ігар вазьмі і распавядзі такую гісторыю… У Марыкса вучыўся Красоўскі. Аднаго разу, Марыкс падыйшоў да палатна Красоўскага, наблізіў да яго свой вялікі нос, пастаяў так, выпрастаўся і прамовіў павольна і са сваім заўсёдным славацкім акцэнтам: “Не намалявАна! Не закампанавАна! Не напісАна! НасрАна і рамазАна!!!”
СпасылкаПракамэнтаваць

Мінск Мір Турэц Навагрудак Варакомшчына Наваельня [Тра. 16, 2012|10:16 am]
[Tags|]

Ятранка і Варакомшчына

У маім дзяцінстве крынічная і хуткаплынная Ятранка цякла па жоўтым пясочку паміж алешын і вербаў. Яна і зараз бяжыць па тым жа светлым пяску, але ў рачныя краявіды дадаліся паваленыя бурамі старыя вербы ды алешыны. Шэра-жоўтыя абветраныя камлі ляжаць упоперак рэчкі. Раней, іх выцягвалі вяскоўцы, каб забраць і папілаваць на дровы. Цяпер, Варакомшчына абязлюджваецца, дроваў трэба паменей, і няма каму выцягваць дрэвы з вады.
СпасылкаПракамэнтаваць

кунсткамера [Тра. 15, 2012|09:13 am]
[Tags|]

Талстой і казка

Разбіраў і парадкаваў старыя кнігі ў кватэры цесця нябожчыка. Сярод іх і знайшоў просценькае выданне “Каўказкага палонніка”. Леў Талстой пазначыў жанр свайго твора для “Азбукі” як апавяданне, а на мой розум гэта казка. У такую казку пра вайскоўца Жыліна, які патрапіў у палон да татараў і якому дапамагла ўцячы маленькая татарка Дзіна, вераць рускія людзі. Каб яны верылі Талстой і назваў сваю казку апавяданнем, якое падаецца рознымі каментатарамі за рэалістычную і ледзь не дакументальную прозу. Падман. Не дапамагала, не дапамагае і не будзе дапамагаць татарскае дзяўчо рускаму акупанту. Ні ў часы Лермантава і Талстога не дапамагала, ні ў нашы дні не дапамагае. Каўказскія дзяўчаты ўсё робяць роўна наадварот, і шэраг тэрарыстычных актаў з выбухамі у Маскве таму доказ. Відавочнае застаецца відавочным, а неверагоднае неверагодным, бо рускія людзі дагэтуль вераць у казку Талстога з красамоўным назовам “Каўказскі палоннік”.
Спасылка24 камэнтара|Пракамэнтаваць

хайку [Тра. 14, 2012|07:06 pm]
[Tags|]

*

Вакзальны вецер
прынёс водары травы
свежаскошанай…
СпасылкаПракамэнтаваць

школа [Тра. 13, 2012|11:22 am]
[Tags|]

Школа і капейкі

У маім школьніцтве ўвесь час пазвоньвалі капейкі. Іх давалі бацькі на сняданак, іх збіралі, у іх гулялі… Як толькі сыходзіў снег, адразу ж выплаўляліся алавянныя цюхі і распачыналася гульня “ў капейкі”. Кідаць цюху, пераварочваць ёю капейкі, адліваць цюху з расплаўленага волава ў зубным парашку лічылася вялікім майстэрствам сярод маіх аднакласнікаў. Я плавіў цюхі з Сіманоўскім і Аскіркам, плавіў з Малявічам. З імі і ў капейкі гуляў. Адной з самых вялікіх непрыемнасцяў у малодшых класах было пачуць словы старэйшых: “Ты паскачы, паскачы, і я паслухаю зазвіняць у цябе капейкі ці не зазвіняць…” Ты ўжо паспеў сказаць, што капеек у цябе няма. Тут праверка. Трэба прымаць рашэнне… Ці аддаваць капейкі? Ці ўцякаць? Ці біцца? У большасці выпадкаў я, чамусці, кідаўся біцца. Змагаўся за свае капейкі, за сваю драбязу. Можа і дарэмна, бо прайграваў старэйшым і дужэйшым. Бойку прайграваў, але капеці не даваў. Маё заставалася маім.
Спасылка4 камэнтара|Пракамэнтаваць

хайку [Тра. 13, 2012|10:29 am]
[Tags|]

*

Травеньскі ранак,
галасы футбалістаў
на стадыёне…
СпасылкаПракамэнтаваць

Мінск Мір Турэц Навагрудак Варакомшчына Наваельня [Тра. 12, 2012|08:31 pm]
[Tags|]

І я там быў, хадзіў у грашовым пяцідзесяцітысячным краявідзе...

СпасылкаПракамэнтаваць

Іван Бяляеў 1921-2012 [Тра. 12, 2012|05:34 pm]
[Tags|, ]

2012. Іван Барысавіч і справядлівасць

Хіба жыццё справядлівае? Ты меў у сваяках чалавека надзейнага і негаваркога. Ён шмат табе дапамог, значна болей, чым ты - яму. Ты спадзяваўся вярнуць пазыкі... Цяпер, замест чалавека ты маеш таварны чэк на 90970 белрублёў; дзе 87850 -- урна звычайная, а 3120 -- мяшок для праха... І што ты можаш? Ну хіба што зрабіць віртуальны фотапартрэт ды напісаць некалькі словаў...

Спасылка2 камэнтара|Пракамэнтаваць

казка [Тра. 12, 2012|09:38 am]
[Tags|]

Блакітныя зубы

Маладая беларуска ахмурыла лядашчага француза. Той падараваў ёй старажытнае прозвішча -- Бурбон. Першае, што зрабіла ўдзельніца праекта “Няроўны брак” -- уставіла Блакітныя зубы. У яе і так былі роўныя і чыста-белыя зубы, ды няма межаў для паляпшэння. Трыста трыцца тры тысячы еўра каштавала трухляваму Бурбону стаматалагічная аперацыя ў чарговай жонцы. Жанчына заганарылася блакітназубай усмешкай. Было чым! У асляпляльную ўсмешку і закахаўся сербскі танцор. Бурбон, як ты памятаеш, быў драхлы, а такцор меў вялікі сэкспатэнцыял. Беларуска злюбілася з сербам. Француз даведаўся пра здраду, сабраў доказы і адсудзіў у здрадніцы Блакітныя зубы, усе як адзін.
Спасылка6 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Іван Барысавіч Бяляеў [Тра. 11, 2012|10:35 pm]
[Tags|, ]

Сёння мы развіталіся з Іванам Барысавічам Бяляевым.

Спасылка6 камэнтароў|Пракамэнтаваць

занатоўка [Тра. 11, 2012|09:28 am]
[Tags|, ]

Дотык і кнігі

Займаюся тым, што хвалюе, тым, што мяне непасрэдна тычыцца. Наймацней мяне хвалюе дотык таго, што знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі. Добра яшчэ, што сярод блізкіх рэчаў шмат кніг.
Спасылка2 камэнтара|Пракамэнтаваць

занатоўка [Тра. 11, 2012|09:27 am]
[Tags|]

Кіношнікі і жыццё

Наколькі сэксуальныя і прывабныя манашкі ў кіно, настолькі яны фрыгідныя ды агідныя ў жыцці. Кіношнікі толькі тым і займаюцца, што спрабуюць паказаць прыхарошаным навакольны свет, і з манашкамі ў іх гэты фокус атрымліваецца.
Спасылка4 камэнтара|Пракамэнтаваць

занатоўка [Тра. 11, 2012|09:18 am]
[Tags|]

Сон і рэальнасць

Існае шмат хто лёгка абменьвае на алкагольнае і наркатычнае забыццё. Дымны сон для такіх мянялаў даражэйшы за бадзёрую рэальнасць.
Спасылка2 камэнтара|Пракамэнтаваць

занатоўка [Тра. 11, 2012|09:15 am]
[Tags|]

Космас і кітабой

Выраз “выйсці ў адкрыты космас” гучыць прыкладна так, як і “выйсці па-за космас”. Чуецца анегдатычнасць прыблізна такая, што і словазлучэнні “беларускі кітабой”.
СпасылкаПракамэнтаваць

(бяз тэмы) [Тра. 11, 2012|09:13 am]
[Tags|]

2012. Каця і нябожчыкі

Больш за дваццаць гадоў я не заходзіў у дзедаву хату. Зайшоў. Хата нібыта прысела на кукішкі. Рэчы зменшыліся, высахлі, пасціскаліся… Раней на сценах віселі здымкі. Каця сказала, што кепска, калі ў хаце вісяць фотакарткі нябожчыкаў. Каця ўдава. Яе муж, мой дзядзька Сава, прывёз яе ў Наваельню з Украіны. Можа гэта там побойваюцца фотакартак з выявамі памерлых? У нас такога ніхто ніколі не казаў.
Спасылка8 камэнтароў|Пракамэнтаваць

Мінск Мір Турэц Навагрудак Варакомшчына Наваельня [Тра. 10, 2012|09:01 pm]
[Tags|]

Наваеленскія могілкі

Магіла дзеда Валодзі. Магіла бабы Броні. Магіла дзядзькі Савы. Пясок. Цяпло. Сасновы дух. Самае смачнае сасновае паветра ў Наваельні. Уся даваенная Польшча лекавала сваіх сухотнікаў у нашай Наваельні. Толькі я падумаў пра здаровы сасновы дух, як мяне нешта-нейкае схапіла і сціснула абручом пад рэбрамі. Ні ўздыхнуць ні выдахнуць, нібы я захлынуўся ў сасновым жывічным паветры. Сцішыўся. Пастаяў. Адпусціла…
Спасылка2 камэнтара|Пракамэнтаваць

navigation
[ viewing | most recent entries ]
[ go | earlier ]